Не толькі псіхалогія
Як беларусы вырашаюць канфлікты?
Cтарым знаёмым спосабам: нейкі час бакі суіснуюць па прынцыпе “я цябе не чапаю і ты падалей трымайся”, але аднойчы штосьці ідзе не так — выбух, “бойка”, пасля чаго мір і згода. Такая мадэль вырашэння праблем затратная і неэфектыўная, бо пазбаўляе магчымасці хутчэй рухацца да мэты, дасягаць больш значных вынікаў. Але што зробіш, іначай не ўмеем. Тым часам нават у суседняй Расіі ўжо выпрацаваны прафесійны стандарт такога спецыяліста як “канфліктолаг”, аб чым на ІІ Міжнародным фестывалі медыяцыі ў Мінску паведаміла генеральны дырэктар Маскоўскай школы канфлікталогіі, выканаўца распрацоўкі гэтага прафстандарту Любоў Цой.
Не сакрэт, што ўсё наша жыццё прасякнутае канфліктамі. Унутрыасобасныя, сямейныя, паміж уладай і бізнесам, паміж грамадзянамі і ўладай… Звычайна ў такіх сітуацыях завуць юрыстаў, але яны разглядаюць сітуацыю толькі з пазіцый права. У сучасным грамадстве стала відавочным, што адной толькі літарай закона праблема ніколі не вычэрпваецца.
— У галіне вырашэння канфліктных сітуацый працуюць самыя розныя спецыялісты — псіхолаг, сацыёлаг, палітолаг, юрыст, але павінен быць і канфліктолаг, — расказвае Любоў ЦОЙ. — Там, дзе ёсць інавацыйныя праекты, колькасць канфліктаў абавязкова павялічваецца. Ёсць тыя, хто супраць, хто не разумее, навошта гэта трэба і г.д. Я была сведкам такой сітуацыі: да дэпутата прыйшлі абураныя грамадзяне — крычаць, абураюцца і раптам чуюць: “Што вы тут раскрычаліся? Я не для гэтага ішла ў дэпутаты, каб такое выслухваць!”. У выніку людзям сказалі: супакойцеся і прыходзьце пазней. Вядома, ніхто пазней не прыйшоў. Як спецыяліст у сваёй галіне, я ведаю, што дэпутат не можа так гаварыць, што самае важнае у такім выпадку — слухаць, аб чым крычаць людзі! Крык — гэта форма, а важны змест. Людзі крычаць аб тым, што парушаюцца іх правы. Калі вы сапраўды жадаеце ім дапамагчы, не звяртайце увагу на форму…
Ці справіўся б тут псіхолаг? Любоў Мікалаеўна кажа, што на расійскім грамадстве было выпрабавана нямала псіхалагічных методык. Пабываўшы на адным трэнінгу, яна наогул паставіла пад сумненне яго існаванне. Вядучы папрасіў падзяліцца на “прадпрымальнікаў” і “уладу”, на што Любоў Мікалаеўна заўважыла, што павінна быць і група тых, хто не вызначыўся. “Мадэль “уладаранне-падпарадкаванне”, прэсінгу і дыктату — гэта ўчарашні дзень. Наша сучаснасць больш складаная, ставіць вельмі шмат пытанняў”, — адзначае спадарыня Цой. Узяць хоць бы сітуацыю з будаўніцтвам буйных аб’ектаў — дарог, стаянак, гандлёвых комплексаў… Не бывае тут, каб усе былі “за”. Як правіла “за” толькі інвестар, а паколькі ён прыносіць грошы, то “за” становіцца і другі бок — улада. А жыхары пачынаюць званіць па ўсёй вертыкалі, каб спыніць працэс. Псіхолаг можа дапамагчы, хіба, кожнаму паасобку змяніць свае погляды на сітуацыю, а канфліктолаг кажа, што трэба разабрацца, чаму наогул узнікла такое непаразуменне, чаму ўлада не абараняе інтарэсы жыхароў і г.д. “Неабходна дыскусія, і задача ўлады — гарантаваць бяспеку любому дыялогу, спрыяць незалежнаму аналізу сітуацыі, — кажа Любоў Цой. — Задача кожнага кіраўніка — не баяцца нават негатыўнага вопыту. Калі вы бізнесмен, які разарыўся, значыць, вы не пралічылі тую сітуацыю, якая адбываецца. Але гэта ваш вопыт. Заўсёды можна знізіць рызыку, зрабіць падзенне не такім жорсткім. Канфліктолаг, безумоўна, гэта зробіць лепш за любога бізнесмена — ён можа вылучыць істотнае, важнае, вызначыць, у чым заключаецца праблема”.
— Рана ці позна мы прыйдзем да таго, што і ў нас з’явяцца прафесійныя канфліктолагі, — тлумачыць начальнік псіхалагічнай службы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, псіхолаг вышэйшай катэгорыі Руслан ПАПОК. — Канфлікты перашкаджаюць эфектыўнасці любой дзейнасці, што важна і для прыватнай фірмы, і для дзяржаўнай арганізацыі. Я думаю, першымі на неабходнасць падрыхтоўкі такіх спецыялістаў павінны звярнуць увагу камерцыйныя ўстановы адукацыі. Самае важнае, каб гэта было патрэбна рынку працы, бо, мяркуючы па сваіх знаёмых, якія звяртаюцца да мяне ў асабістым парадку, многія ўжо адчуваюць патрэбу ў падобнай кансультацыі, але не гатовы за гэта плаціць. А не гатовыя плаціць таму, што ў нас няма сапраўднага рынку канкурэнцыі, ва ўмовах якога кампаніі пачынаюць разумець, што прадбачанне, своечасовае вырашэнне канфлікту дапамагае выйграць.
— Чаму недастаткова ведаў і уменняў псіхолага?
— Для псіхолага гэта адна з разнавіднасцяў яго дзейнасці. Але сёння відавочна, што такой спадарожнай падрыхтоўкі малавата. З любым пытаннем можна звярнуцца да любога псіхолага, які мае права кансультаваць, аднак лепей — да таго, што спецыялізуецца на канкрэтнай тэме. Сямейны псіхолаг не абавязкова будзе ідэальным кансультантам па пытаннях, звязаных з выхаваннем дзяцей і г.д.
Пакуль мы больш зацікаўленыя ў развіцці медыяцыі — стварэнні нейкай пляцоўкі для перамоў, да якой могуць падключацца розныя спецыялісты. Усё ж такі юрыст бачыць праблему з пункту гледжання права, псіхолаг — з пункту гледжання псіхалогіі чалавека, канфліктолаг бачыць не столькі самога чалавека, колькі магчымыя шляхі развіцця канфлікту. Канфлікт — шматфактарная з’ява, і трэба прымусіць людзей пачаць яе абмеркаванне, каб падзеі не набылі дэструктыўны характар.
— Што можна сказаць аб канфліктнасці беларусаў?
Маё асабістае меркаванне — мы не канфліктныя чыста знешне, бо вельмі закрытыя, таму нас раздзіраюць унутрыасобасныя канфлікты. Гэта шкодзіць і нам самім, і нашай справе. Калі б мы не хавалі канфлікт, а расстаўлялі кропкі над і, то лепей рухаліся б наперад, а сыходзячы ад канфлікту, пачынаем таптацца на месцы.
Святлана БАРЫСЕНКА.